Тэма 2. МАЎЛЕНЧАЯ КАМУНІКАЦЫЯ ЯК ДЗЕЙНАСЦЬ

 

Маўленчы акт як складанае дзеянне мае сваю структуру. Дж. Осцін прадставіў маўленчы акт як адзінства трох складнікаў:

1) пабудаваць граматычна правільнае выказванне, укласці ў яго пэўны сэнс, рэферэнцыю, г. зн. спасылкі на рэальнасць, пра якую пойдзе гаворка (лакуцыя і лакутыўны акт);

2) надаць выражэнню жаданую камунікатыўную накіраванасць на пэўную рэакцыю і наступствы (ілакуцыя і ілакутыўны акт);

3) забяспечыць стварэнне новай сітуацыі праз уплыў на свядомасць ці паводзіны адрасата (перлакуцыя і перлакутыўны акт).

Перлакутыўны эфект – гэта той уплыў, які выказванне ажыццяўляе на адрасата, пры гэтым маецца на ўвазе не сам факт разумення адрасатам сэнсу выказвання, а тыя змены, якія з’яўляюцца вынікам гэтага.

Сёння існуе каля 200 класіфікацый маўленчых і камунікатыўных актаў. Найбольш універсальнай лічыцца класіфікацыя Джона Серля, які падзяляе маўленчыя акты на аснове наступных крытэрыяў:

1) мэта (прызначэнне) маўленчага акта;

2) накіраванасць акта (сцвярджэнні накіраваны ад рэальнасці да слоў, а абяцанні і патрабаванні – ад слоў да рэальнасці);

3) выражэнне псіхалагічных адносінаў таго, хто гаворыць;

4) сіла імкнення да дасягнення мэты;

5) розніца ў статусах моўцы і адрасата і інш.

На аснове гэтых крытэрыяў вучоны вылучае пяць асноўных груп.

  1. Рэпрэзентатывы – гэта інфармацыйныя маўленчыя акты, падчас якіх суразмоўцу прадстаўляецца інфармацыя аб тых ці іншых падзеях, прадметах або з’явах. Яны сведчаць аб намерах таго, хто гаворыць, перадаць слухачу пэўную сукупнасць звестак або ўзяць на сябе адказнасць за іх праўдзівасць.
  2. Дырэктывы – гэта “імператыўныя” маўленчыя акты, яны маюць імператыўную ілакутыўную накіраванасць.

Спецыфіка дырэктываў заключаецца ў тым, што яны абавязваюць суразмоўцу прыняць да ўвагі жаданні ці патрэбы таго, хто гаворыць.

  1. Камісівы – маўленчыя акты ўзяцця абавязацельстваў. Яны наклад-ваюць на адрасанта (таго, хто гаворыць) абавязацельствы выканаць пэўныя дзеянні ў будучыні або прытрымлівацца пэўнай лініі паводзін.
  2. Экспрэсівы – маўленчыя акты, якія выказваюць стаўленне таго, хто гаворыць, да рэальных спраў, што характарызуе ступень яго шчырасці. Гэта акты віншавання, прабачэння, спачування і інш.
  3. Дэкларатывы – маўленчыя акты, функцыя якіх заключаецца ў слоўным афармленні розных тыпаў сацыяльных дзеянняў (напрыклад, вянчанне). Асаблівасць дэкларатываў заключаецца ў тым, што іх можа ажыццявіць чалавек, надзелены пэўнымі абавязкамі [17, с. 28].

Незалежна ад таго, размаўляюць удзельнікі зносін, абменьваюцца жэстамі або перапісваюцца па электроннай пошце, камунікатыўны працэс як правіла, уключае ў сябе наступныя этапы: нараджэнне ідэі, кадзіраванне, перадача, прыём, дэкадзіраванне, успрыманне, выкарыстанне.

Адказнасць за фармулёўку паведамлення, якое павінна дакладна перадаць думку рэцыпіенту, нясе адпраўнік. Паколькі камунікацыі, па сутнасці, з’яўляюцца працэсам дасягнення разумення, то для таго, каб значэнне паведамлення было аднолькавым для адпраўніка і атрымальніка, неабходныя ўзгодненыя намаганні з абодвух бакоў. Аднак адпраўнік нясе асноўную адказнасць. Адпраўнік павінен у думках убачыць камунікацыю вачыма атрымальніка. Задача адпраўніка – шукаць і выкарыстоўваць камунікацыйныя сімвалы і навыкі, якія прывядуць да правільнага адлюстравання паведамлення ў свядомасці атрымальніка. Атрымальнік, у сваю чаргу, апісваецца двума аспектамі паводзін – уменнем слухаць і ўменнем забяспечыць зваротную сувязь з адпраўніком. Характар уздзеяння паведамлення на атрымальніка вызначаецца тым, як шмат ён ведае аб прадмеце зносін, вопытам зносін з адпраўніком, верагоднасцю ўспрымання паведамлення адпаведным чынам.

Прынята вылучаць шэсць асноўных характарыстык прыроды любога індывіда ў працэсе камунікацыі: індывідуальныя асаблівасці, успрыманне, цэласнасць асобы, матывацыя паводзінаў, імкненне да саўдзелу і каштоўнасць асобы. Паміж людзьмі досыць шмат агульнага (напрыклад, мы радуемся дасягненням; засмучаемся стратай любімых), але кожны чалавек, які жыве на зямлі, унікальны, прычым канцэпцыя яго індывідуальных асаблівасцей мае строгія навуковыя доказы. Кожны індывід адрозніваецца ад іншых людзей мільёнам характэрных рыс. Кожны чалавек ад нараджэння ўнікальны, а набыты індывідуальны вопыт робіць людзей яшчэ больш адрознымі адзін ад аднаго. Акрамя таго, кожны з нас індывідуальна ўспрымае падзеі, якія адбываюцца вакол. Нават калі нам паказваюць адзін і той жа аб’ект, мы розным чынам разглядаем яго. Наша стаўленне да аб’ектыўнай рэальнасці праходзіць праз фільтр індывідуальнага ўспрымання, які прадстаўляе сабой унікальны для кожнага чалавека, сфарміраваны на аснове назапашанага вопыту спосаб бачання, сістэматызацыі і інтэрпрэтацыі рэчаў і падзей. Унікальнае бачанне кожнага з нас даказвае, што мы паводзім сябе не як машыны, а як чалавечыя істоты. Незалежна ад канкрэтных прычын дзеянні індывідаў вызначаюцца ўспрыманнем рэчаіснасці. Розныя чалавечыя рысы могуць вывучацца кожная паасобку, але заключная фаза даследавання, сінтэз,  прадугледжвае комплексны аналіз элементаў адзінай сістэмы, чалавека як цэласнай асобы. Прафесійнае майстэрства не існуе без вопыту і ведаў, асабістае жыццё чалавека не можа быць цалкам аддзеленае ад працэсу працы, маральныя ўмовы неаддзельныя ад фізічных. Кожны з нас – цэласная чалавечая істота. Адно з асноўных палажэнняў псіхалогіі сцвярджае, што нармальныя паводзіны чалавека фарміруюцца пад уздзеяннем пэўных фактараў, якія могуць быць звязаныя з патрэбамі індывіда і (або) наступствамі яго ўчынкаў.

Характарыстыка складнікаў камунікатыўнага працэсу наступная.

Нараджэнне ідэі. Без ідэі, якую хацеў бы перадаць адпраўнік, не можа быць самога паведамлення, а значыць, астатнія этапы не маюць сэнсу.

Кадзіраванне. Далей ідэя зашыфроўваецца (пераўтвараецца ў зручную для перадачы форму) з дапамогай адпаведных слоў, малюнкаў, іншых знакаў, якія выкарыстоўваюцца для перадачы інфармацыі. На гэтым этапе адпраўнік вызначае спосаб перадачы, найбольш адэкватны парадак слоў і знакаў. Напрыклад, змест вуснага паведамлення звычайна адрозніваецца ад службовай запіскі. У якасці сімвалаў зносін выкарыстоўваюцца словы, малюнкі, дзеянні. Словы – асноўны ўжывальны ў працэсе камунікацыі сімвал. Асноўная праблема выкарыстання слоў заключаецца ў іх шматзначнасці, абумоўленай тым, што мы спрабуем “адлюстраваць” бясконцую складанасць свету, выкарыстоўваючы абмежаваную колькасць слоў. Складанасці мовы ўзрастаюць, калі ў кантакт спрабуюць уступіць людзі, якія маюць розныя ўзроўні адукацыі, этнічныя традыцыі або культуру. Праблема вырашаецца тым, што мы акружаем ключавое слова кантэкстам, пакуль значэнне слова не звузіцца да выразна вызначаных межаў і магчымыя памылкі не будуць зведзены да мінімуму. Такім чынам, эфектыўныя камунікатары арыентуюцца не столькі на словы, колькі на думкі. Ім дакладна вядома, што значэнне слоў вызначаюць людзі. Кантэкст дазваляе ўдакладніць значэнне слоў з дапамогай сігналаў, якія чалавек атрымлівае са знешняга сацыяльнага асяроддзя, напрыклад ад сяброў і калег. Сацыяльныя сігналы могуць несці як станоўчую, так і адмоўную інфармацыю, якая ўплывае на рэакцыі ўдзельнікаў камунікацый. Да сацыяльных “падказак” адносяцца пасады, адзенне або прынятае ў канкрэтным рэгіёне або этнічнай групе значэнне слоў. Наша ўспрымальнасць да ўплыву такіх сігналаў змяняецца ў залежнасці ад ступені даверу да крыніцы, узроўню знаёмства з пытаннем, характару сігналу і індывідуальных адрозненняў. Папярэдняе веданне сацыяльных сігналаў мае важнае значэнне, таму што выкарыстанне пэўных слоў у недарэчным кантэксце стварае семантычны смог, што выклікае раздражненне нашых органаў пачуццяў і негатыўна адбіваецца на дакладнасці адчуванняў. Паколькі ў некаторых выпадках значэнне слоў не атрымліваецца растлумачыць, нават звярнуўшыся да кантэксту, правамерна дапусціць, што спрашчэнне сімвалаў палягчае становішча атрымальніка. Хуткасць прыняцця паведамлення можна павялічыць, калі выкарыстоўваць упадабаныя адрасатам сімвалы. Гэта здагадка ляжыць у аснове ідэі ўзроўняў чытэльнасці тэкстаў, якая дапускае магчымасць пераўтварэння пісьмовых і вусных паведамленняў у зручную атрымальніку форму.

Да камунікатыўных сімвалаў адносяцца і малюнкі, якія выкарыстоўваюцца для тлумачэння славесных паведамленняў. Малюнкі могуць прадстаўляць магутны візуальны сродак (“Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць”), аднак для дасягнення максімальнай эфектыўнасці яны павінны спалучацца са старанна падабранымі словамі і дзеяннямі.

Трэці від камунікатыўных сімвалаў – дзеянне (невербальныя паводзіны). Часта чалавек забывае, што ажыццёўленыя ім дзеянні выступаюць як сродкі камунікацыі ў той ступені, у якой іх змест можа быць інтэрпрэтаваны іншымі. Адмова ад дзеяння – гэта таксама спосаб камунікацыі. Дзеянне “гаворыць” гучней за словы ў доўгатэрміновым перыядзе. Разрыў паміж словам і справай прыводзіць да ўзнікнення дэфіцыту даверу. Камунікатыўны давер грунтуецца на ўзаемнай павазе ўдзельнікаў працэсу, на іх кампетэнтнасці і дынамізме. Для ўстанаўлення даверу патрабуюцца гады, а каб разбурыць яго, дастаткова некалькіх хвілін.

Перадача. Пасля таго як вызначана форма паведамлення, ажыццяўляецца яго перадача. Адпраўнік выбірае камунікатыўны канал, перадае паведамленне, абавязкова ўлічваючы фактар часу, імкнецца “ачысціць” камунікатыўны канал ад перашкод. Увогуле робіць усё, каб паведамленне абавязкова дайшло да атрымальніка і прыцягнула яго ўвагу. Выбар канала часткова абгрунтоўваецца рашэннем шэрага пытанняў: ці патрэбна неадкладная зваротная сувязь, ці важнае атрыманне рэакцыі атрымальніка на паведамленне, ці ёсць неабходнасць у дакументаванні камунікацыі, ці патрэбная дэталёвая дакладнасць і да т. п. Ні адзін са спосабаў камунікацыі не валодае ўніверсальнай перавагай над іншым. У многіх выпадках паведамленне можа быць найлепшым чынам перададзена шляхам камбінацыі розных каналаў.

Прыём (атрыманне). Ажыццяўленне перадачы дазваляе адрасату прыняць паведамленне. На гэтым этапе ініцыятыва пераходзіць да атрымальніка, які павінен настроіцца на ўспрыманне паведамлення. Калі гэта вуснае паведамленне, атрымальнік павінен быць добрым слухачом. У тых выпадках, калі адрасат не гатовы да прыняцця паведамлення, яго змест у значнай меры губляецца. Для лепшага прыняцця звестак рэцыпіенту неабходна старацца аналізаваць ход думак адпраўніка.

Дэкадзіраванне. На гэтым этапе павінна дасягацца паразуменне паміж суб’ектамі камунікацыі. Разуменне можа быць рэалізавана толькі ў свядомасці атрымальніка. Камунікатар можа прымусіць іншы бок выслухаць яго паведамленне, але не мае магчымасцяў прымусіць зразумець яго. Разуменне атрыманага паведамлення – выключная прэрагатыва атрымальніка.

Успрыманне. Успрыманне – адзін з найбольш важных кампанентаў у камунікацыі. Гэта працэс надання паведамленням сэнсу, наша ўнікальнае разуменне сутнасці рэчаў. Пры ўспрыманні кожны індывід паўстае ў якасці прадукту свайго ўнікальнага вопыту. Устаноўкі ў адносінах да навакольнага асяроддзя змяняюць наша ўспрыманне таго, што перадаецца ў працэсе камунікацыі. Разумовыя здольнасці, або інтэлект, у найбольшай ступені вызначаюць здольнасць чалавека правільна разбірацца ў камунікатыўным вопыце. У выніку камунікатыўныя навыкі як пры выказванні, так і пры выслухоўванні будуць уплываць на тое, як мы перадаём паведамленне, і на тое, як мы ўспрымаем зваротную сувязь на гэтае паведамленне. Кожны адпраўнік і атрымальнік уносіць свае, адрозныя ад іншых устаноўкі, вопыт, разумовыя здольнасці і камунікатыўныя навыкі ў падтрыманне працэсу камунікацыі. Але гэта не азначае, што разуменне не можа быць дасягнута. Хутчэй, разуменне наяўнасці гэтых адрозненняў і адчувальнасць да іх пры ўспрыманні могуць спрыяць атрыманню адкрытага і прадуктыўнага вопыту камунікацый. Няправільнае ўспрыманне з’яўляецца галоўнай прычынай няўдалых камунікацый.

Выкарыстанне. Пасля таго як атрымальнік расшыфраваў і ўспрыняў паведамленне, ён можа прыняць яго ці адхіліць. Адпраўнік зацікаўлены ў тым, каб адрасат прыняў паведамленне цалкам і адэкватна адрэагаваў на яго. Але прыняцце – пытанне выбару і схільнасці, і менавіта атрымальнік вызначае, ці прыняць яму паведамленне цалкам або часткова. Фактары, якія ўплываюць на рашэнне, залежаць ад ацэнкі адрасатам ступені дакладнасці паведамлення, аўтарытэту камунікатара, а таксама ад меркаванага выкарыстання паслання. Атрымальнік можа ніяк не рэагаваць на паведамленне, захаваць інфармацыю на будучыню або зрабіць што-небудзь яшчэ. Гэты крок з’яўляецца вырашальным і залежыць перш за ўсё ад адрасата.

Зваротная сувязь. У тым выпадку, калі атрымальнік усведамляе паведамленне і адказвае адпраўніку, паміж імі ўзнікае зваротная сувязь, якая замыкае камунікатыўны контур. У выніку ўзнікае гульнявая сітуацыя, у якой адпраўнік можа (і павінен) карэкціраваць сваё наступнае пасланне ў адпаведнасці з атрыманым адказам. Камунікатар заўсёды мае патрэбу ў зваротнай сувязі, бо яна дазваляе даведацца, ці атрымана паведамленне, ці правільна яно дэкадзіравана, і павінен прыкладаць усе сілы да яе ўсталявання. Узаеманакіраваныя камунікацыі забяспечваюць высокую ступень задавальнення адпраўніка і атрымальніка, дазваляюць мінімізаваць скажэнні, істотна павысіць дакладнасць паведамленняў. Няма ні аднаго гарантаванага спосабу забеспячэння дакладнай і добраахвотнай зваротнай сувязі. Хоць у многіх сітуацыях, калі мы задамо пытанне або зробім на імгненне паўзу, нашы атрымальнікі забяспечаць зваротную сувязь, у якой мы маем патрэбу. Зваротная сувязь – гэта спосаб паведаміць адпраўніку аб тым разуменні ці неразуменні, якое ён спарадзіў. Эфектыўная зваротная сувязь характарызуецца канкрэтнасцю, накіраванасцю камунікатару з тлумачэннем, што паведамленне або яго частка ўспрынятыя; яна, хутчэй, дае апісанне, чым ацэнку, яна павінна зніжаць патрэбу суразмоўцы ў ахоўнай рэакцыі (трэба пазбягаць фраз ацэнкі); яна лічыцца з патрэбамі як адпраўніка, так і атрымальніка інфармацыі, служыць мэтам абодвух суб’ектаў камунікацыі; характарызуецца накіраванасцю на паводзіны, з якімі атрымальнік у стане што-небудзь зрабіць, не павінна ствараць людзям сітуацыі безвыходнасці. Эфектыўнасць зваротнай сувязі вызначаецца гатоўнасцю яе ўспрыняць.

Зваротная сувязь адпавядае чалавеку, у яе працэсе перамены паводзін павінны заставацца ў межах асабістых якасцей і здольнасцей кожнага. Не варта ўздзейнічаць на людзей і перарабляць іх у адпаведнасці з наяўнымі вобразамі [27, с. 25].

Характарыстыку працэсу камунікацыі можна даць, вызначыўшы і ўдакладніўшы паняцці “мова”, “маўленне”, “маўленчая дзейнасць”.

Мова – сістэма знакаў, маўленне – індывідуальна-калектыўнае выкарыстанне мовы, спосаб фарміравання і фармулёўкі думкі з дапамогай мовы. Маўленчая дзейнасць – працэс прыёму і перадачы інфармацыі, апасродкаваны моўнай сістэмай і абумоўлены сітуацыяй маўлення [38, с. 16].

Маўленне ў першым, працэсуальным значэнні мае сінонімы: маўленчая дзейнасць, маўленчы акт. Сітуацыі ўжывання тэрміна “маўленне” ў першым значэнні: механізмы маўлення – так кажуць пра дзеянні вымаўленчых органаў; маўленне чалавека ў яго дачыненні да працоўнай дзейнасці; выразы, вытворныя ад тэрміна “маўленне”, – “маўленчая здольнасць”, “маўленчы навык”, “маўленчы працэс” і мн. інш. Менавіта да гэтага значэння слова “маўленне” адносіцца вызначэнне маўлення, якое даюць псіхолагі.

Маўленне – гэта зносіны, кантакт паміж людзьмі, абмен думкамі і пачуццямі, інфармацыяй [20, с. 18].

Зносіны здзяйсняюцца не толькі праз маўленне, але і з дапамогай нямоўных знакаў, якія вывучае семіётыка: думка перадаецца праз учынак, праз дакрананні (тактыльнае маўленне), з дапамогай жэстаў і мімікі, праз указанні на прадметы навакольнай прасторы. Усё гэта – невербальныя сродкі зносін.

Маўленне – гэта вербальныя моўныя зносіны з дапамогай моўных знакавых адзінак: слоў, сінтаксічных канструкцый, тэксту, інтанацыі, часта пры падтрымцы невербальных сродкаў (жэстаў, мімікі і інш.). Паводле сцвярджэння даследчыкаў-псіхолагаў, зносіны людзей, якія бачаць адзін аднаго, значна больш эфектыўныя, чым завочныя зносіны [20, с. 20].

У навуковым разглядзе паняццяў “мова” і “маўленне” патрабуецца не толькі іх аб’яднанне, але і размежаванне.

Маўленне – адзін з бакоў, або складнікаў, мовы (у шырокім сэнсе слова). У мове ёсць:

а) структура (граматыка, слоўнік, сістэма гукаў і інш.);

б) механізмы маўлення, або прагматыка мовы;

в) матэрыял мовы – сукупнасць усяго таго, што на мове напісана, вымаўлена ў яе лепшых літаратурных узорах [40, с. 38].

На жаль, многія аўтары-лінгвісты прадметам сваёй навукі прызнаюць толькі першую іпастась мовы. Але ў апошнія дзесяцігоддзі лінгвістычная навука стала ўключаць у кола сваіх інтарэсаў такія паняцці, як “маўленчая дзейнасць”, “маўленчы акт”, “дыскурс” [40, с. 40].

У маўленні рэалізуюцца ўсе багацці мовы, усе яе выразныя магчымасці. І гэта адзіны канал іх рэалізацыі.

Мова ўзбагачаецца праз маўленне, у яе ўваходзяць новыя словы, новыя адценні ўжо вядомых слоў, іх значэнні, новыя варыянты спалучальнасці, новая фразеалогія. У маўленчай стыхіі узнікае ўсё новае ў мове, пераасэнсоўваецца і пераацэньваецца старое, фарміруецца моўны густ эпохі [28, с. 60].

Акрэслім адрозненні паміж мовай і маўленнем, адлюстраваныя ў дэфініцыях.

Мова – знакавая сістэма; знакі – гэта словы, гукі, марфемы, словазлучэнні, фразеалагічныя адзінкі і інш. Пад сістэмай маюцца на ўвазе ўзроўні мовы, яе ўнутраныя сувязі, узаемадзеянні, правілы мовы, парадыгмы, мадэлі.

Мова як знакавая сістэма выкарыстоўваецца людзьмі для фарміравання і выражэння думкі, эмоцый, для ўнутранага дыялогу, для зносін з іншымі людзьмі гэтага ж моўнага калектыву.

Маўленне – гэта самі зносіны, выражэнне думкі, самавыяўленне асобы.

Мова – патэнцыйная сістэма знакаў, сама па сабе яна не прыходзіць у дзеянне, яна захоўваецца ў памяці кожнага чалавека – моўнай асобы, яна нейтральная ў адносінах да жыцця. Яе знакі і правілы запісаныя ў шматлікіх фаліянтах. Такім чынам яна захоўваецца для ўсіх носьбітаў дадзенай мовы (напрыклад, беларускай), і для нашчадкаў, і для гісторыі.

Маўленне – гэта дзеянне і яго прадукт, гэта дзейнасць людзей, яно заўсёды матываванае – выкліканае абставінамі, сітуацыяй, заўсёды мае пэўную мэту, накіравана на рашэнне якіх-небудзь задач – сацыяльных і асабістых.

Мова імкнецца да стабільнасці, яна кансерватыўная, прымае новаўвядзенні не адразу, а толькі пад ціскам патрабаванняў яе носьбітаў і спажыўцоў.

Маўленне дапускае вольнасці. Менавіта ў маўленні (у узусе) з’яўляюцца новыя словы, фанетычныя і нават граматычныя адхіленні, якія або так і застаюцца выпадковымі, аказіянальнымі і неўзабаве знікаюць, забываюцца, або, сцвярджаючыся паступова, становяцца фактамі моўнай сістэмы.

Мова падпарадкоўваецца жорсткай норме, якая ў дзяржаве набывае сілу юрыдычнага закона. Норма ўстанаўліваецца, дакладней фармулюецца, спецыялістамі-мовазнаўцамі, якія кіруюцца традыцыяй, заканамернасцямі мовы, літаратурным ужываннем моўных сродкаў, моўнай інтуіцыяй – адчуваннем фанетыкі, граматыкі, стылістыкі. Норма захоўваецца ў слоўніках (тлумачальных, арфаэпічных, арфаграфічных), у зводах граматычных і арфаграфічных правілаў. Захавальнікамі літаратурнай нормы з’яўляюцца лепшыя тэатры.

Маўленне таксама ў ідэале падпарадкоўваецца норме літаратурнай мовы – і ў словаўжыванні, і ў вымаўленні, і ў правапісе, але парушэнні нормы ў маўленчай стыхіі ўсё ж маюць месца, бо маўленне ў адрозненне ад мовы індывідуальнае. Пры ўсіх намаганнях школы і іншых адукацыйных сістэм наўрад ці ўдасца калі-небудзь дасягнуць стапрацэнтнага авалодання літаратурнай нормай, таму што маўленне і зацвярджае, і пастаянна карэктуе, само абнаўляе норму.

Мова стабілізуе, аб’ядноўвае народнасць, нацыю, дзяржаву. Вядомыя такія паняцці, як “дзяржаўная мова”, “мова міжнацыянальных зносін”.

Маўленне, з’яўляючыся рэалізацыяй мовы, зразумела, таксама аб’ядноўвае людзей адной народнасці і нават прадстаўнікоў розных народнасцей, але яно ў той жа час спараджае жаргоны, арго, прафесіяналізмы, захоўвае дыялектныя і індывідуальныя асаблівасці людзей.

Мова абслугоўвае ўвесь народ як моўны калектыў. Маўленне ж заўсёды індывідуальнае, яно прадукуецца індывідам, абслугоўвае яго, адлюстроўвае і выражае яго як асобу, яно сітуатыўнае.

Мова мае ўзроўневую структуру (яе ўзроўні: вымаўленчы, марфемны, лексічны, марфалагічны, сінтаксічны, узровень тэксту). Маўленне ж лінейнае, яно разгортваецца ў часе і ў прасторы падобна стужцы або ланцужку.

Мова канчатковая: у ёй строгая колькасць гукаў (фанем), марфем, склонаў, нават колькасць слоў у кожны дадзены момант вядомая і можа быць злічана.

Маўленне тэарэтычна бясконцае: колькасць сказаў настолькі вялікая, што наўрад ці магчыма іх злічыць, а колькасць тэкстаў не можа быць палічана нават тэарэтычна.

Маўленне як працэс валодае пэўным тэмпам, працягласцю, гучнасцю, у пісьмовым варыянце – шрыфтам, размяшчэннем на аркушы. Мове такія характарыстыкі неўласцівыя.

Маўленне заўсёды схільнае да якаснай ацэнкі, у тым ліку і з пазіцый маральнасці: бывае як праўдзівая, так і лжывая прамова, як шчырая, так і крывадушная гаворка.

Да мовы такія ацэнкі непрыдатныя. Калі кажуць “У Івана Іванавіча добрая мова”, то маюць на ўвазе не мову, а валоданне ёй, г. зн. маўленне: ён гаворыць добра, правільна.

У маўленні адлюстроўваецца асоба таго, хто гаворыць, носьбіта мовы: адукацыйны, культурны ўзровень чалавека, яго вопыт, яго захапленні. Вывучэнне мовы без маўлення, без тэкстаў немагчыма. Гэта пацвярджаецца самымі разнастайнымі сітуацыямі: даўно памерлыя мовы становяцца здабыткам сучаснай навукі. Так, санскрыт, старажытнагрэчаская, гоцкая, латынь, стараславянская становяцца здабыткам нашага часу толькі праз тэксты, якія дайшлі да нас, г. зн. праз запісанае маўленне [18, с. 64].

Па меры паглыблення ў вывучэнне маўлення апошняе ўсё больш “абрастае” так званымі невербальнымі кампанентамі зносін: жэстамі, мімікай, пантамімікай, адценнямі голасу, інтанацыямі, элементамі абстаноўкі або фону зносін, ранейшага вопыту. На апошнім грунтуецца алюзія – намёк, даступны разуменню толькі нешматлікіх людзей, часам усяго дваіх: яны адзін аднаго разумеюць з паўслова, а навакольныя не разумеюць нічога.

Адны толькі вербальныя зносіны, пазбаўленыя эмацыйнага фактару, зрокавых і іншых успрыманняў, губляюць вельмі многае, магчыма, самае каштоўнае. У выніку такіх зносін чалавек не разумее жарты, намёкі, ён пазбаўлены пачуцця гумару, не ўспрымае канатацыі – тых дадатковых стылістычных або семантычных адценняў, якія паглыбляюць схаваны сэнс сказанага, надаюць выказванню тон натуральнасці, інтымнасці або адчужанасці і да т. п. Таму ў сучаснай лінгвістыцы актыўна развіваецца тэорыя дыскурсу (“маўленне як акт, дзеянне, як падзея” – франц.). Дыскурс – гэта гаворка, пагружаная ў жыццё, адзін з кампанентаў дзейнасці, узаемадзеяння людзей [9, с. 28].

Дыскурс звернуты таксама да ментальных фактараў, а таксама да асаблівасцей успрымання мовы: яе тэмпу, стылявога характару зносін, да формаў этыкету, уключаючы маўленчы этыкет, характару (узроўню) гумару, алюзій. Бо нярэдка слухачу даводзіцца разгадваць, ці можна сур’ёзна ўспрымаць пачутае і якое з двух-трох магчымых разуменняў пачутага з’яўляецца галоўным. Невыпадкова сучасная навука звярнулася да герменеўтыкі – навукі аб тлумачэнні старажытных тэкстаў, пераносячы яе функцыю і метады на сучаснае паразуменне людзей [8, с. 40].

Функцыямі мовы і іх рэалізацыі ў маўленні з’яўляюцца наступныя.

  1. Функцыя паведамлення, або інфармацыйная, якая заключаецца ў тым, што мова служыць сродкам пазнання, збору і афармлення ведаў, назапашаных людзьмі ў працэсе іх свядомай дзейнасці. Перадача і захоўванне ўсёй гэтай інфармацыі, вывучэнне гэтага багацця ажыццяўляюцца з дапамогай вусных і пераважна пісьмовых тэкстаў, г. зн. праз маўленне, маўленчую дзейнасць.

Разнавіднасцямі названай функцыі з’яўляюцца функцыі захавання інфармацыі, кантактная функцыя – сувязь часоў і пакаленняў, функцыя афармлення культурных каштоўнасцей.

Старажытныя веды, культура, уключаныя ў маўленне (тэкст), забяспечваюць сувязь пакаленняў. У формах маўлення на розных мовах ажыццяўляецца кантакт з народамі, чыя культура, ментальнасць і сама мова вельмі далёкія ад нашых. У нашы дні ўжо вылучаюцца і развіваюцца гіпотэзы мовы міжпланетных кантактаў, з’явіўся тэрмін “касмічная лінгвістыка” [1, с. 17].

  1. Функцыя захавання інфармацыі рэалізуецца таксама ў архівах, на дзяржаўным узроўні, і, верагодна, нейкая частка матэрыялаў захоўвання ніколі і нікім не будзе запатрабаваная, але захоўваць неабходна ўсё: дакументы, пратаколы, перапіску, дзённікі, успаміны... Мы ведаем, як цэняцца матэрыялы, дакументы часоў Вялікай Айчыннай вайны, гістарычныя рэліквіі.
  2. Ва ўсіх на слыху ў наш час камунікатыўная функцыя, бо ў яе рэалізацыі, у зносінах, размовах, дыялогах, палеміцы ўдзельнічае кожны чалавек, член грамадства, яна, па сутнасці, стварае гэта грамадства Без камунікацыі, зносін не магло б існаваць грамадства. Паводле гіпотэзы, сама мова ўзнікла на світанку чалавецтва з настойлівай неабходнасці зносін [1, с. 18].
  3. Літаральна ўсе даследчыкі, якія вывучаюць функцыі мовы, адзначаюць эматыўную. Яна ахоплівае велізарны дыяпазон у маўленчых паводзінах чалавека – ад міжвольнага воклічу (ой!, ай!) да шэдэўраў лірычнай паэзіі або вакальнага выканання. Гэта функцыя мовы рэалізуецца ў мастацкай літаратуры, прамоўніцкім мастацтве, у дыскусійнай прамове-спрэчцы, палеміцы, сяброўскай гутарцы, песні, оперы [1, с. 14].
  4. Функцыя фарміравання і выражэння думкі. У жыцці сучаснага адукаванага чалавека гэта амаль бесперапынна рэалізуемая функцыя. Гэта і ўспаміны, і роздумы ў хвіліны адпачынку, і падрыхтоўка да вусных выказванняў (часам вельмі напружаная), гэта і фарміраванне пісьмовага тэксту, і рашэнне розных задач (часам вельмі складаных), нарэшце, гэта творчая дзейнасць, якая цэніцца асабліва высока [1, с. 12].
  5. В. У. Вінаградаў нароўні з функцыямі зносін і паведамлення называе функцыю ўздзеяння на іншых людзей – гэта просьба, загад, перакананне, падахвочванне да нейкіх дзеянняў. У гэтых зусім не рэдкіх выпадках выказванне можа і не ўтрымліваць ніякай новай актуальнай інфармацыі – яно перадае валявы акт таго, хто гаворыць. Разнавіднасцю функцыі ўздзеяння служыць агітацыйная [7, с. 6].
  6. Псіхолагі адзначаюць рэгулятыўную функцыю мовы і маўлення. Гэта функцыя адзначаецца ў знешнім і ва ўнутраным маўленні.

І тая, і іншая выконваюць ролю плана паводзін, учынкаў суб’екта: гэта тэкставы або разумовы праект яго будучых дзеянняў; праекты маральных адносін і побыту, наладжванне сацыяльнай структуры грамадства [18, с. 28].

  1. У апошнія дзесяцігоддзі ўзрасла ўвага даследчыкаў да пазнавальнай, ці кагнітыўнай, функцыі мовы і маўлення. Мова стала захавальнікам ведаў – як агульных, так і індывідуальных. У маўленні гэта веданне, заключанае ў моўную форму, функцыянуе і абслугоўвае грамадства. Выконваючы гэтую функцыю, мова самаўзбагачаецца, узбагачаецца яе лексіка, ускладняюцца моўныя канструкцыі праз маўленчую практыку, таму што пазнавальная дзейнасць бесперапынна спараджае сітуацыі, якія выяўляюць недастатковасць або недасканаласць наяўных сродкаў мовы [26, с. 19].